Нарматыўны даведнік. — Мінск: Тэхналогія, 2003. — 610 с.
Геаграфічны паказальнік — найважнейшы элемент археаграфічнага выдання, а найважнейшае ў гістарычнай картаграфіі — лакалізацыя айконімаў і іншых геаграфічных назваў. Без даведнікаў мясцовых найменняў выкананне гэтых задач немагчымае. У 1981 г. выйшаў доўгачаканы слоўнік назваў населеных пунктаў Беларусі ў шасці тамах па ўсіх абласцях[1], які ўжо столькі гадоў задавальняе патрэбы карыстальнікаў розных профіляў ад гісторыкаў да працаўнікоў афіцыйных устаноў. Якая была патрэба ў падрыхтоўцы і выданні даведніка? (У далейшым для зручнасці і кароткасці мы будзем карыстацца назвамі „слоўнік — для выдання Я. Рапановіча, „даведнік — для рэцэнзаванага выдання). Ну, найперш тая акалічнасць, што за час, які прайшоў з выхаду ў свет слоўнікаў Рапановіча, апошнія сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Акрамя таго, за гэты самы час у сістэме населеных пунктаў краіны ў выніку знікнення адных і перайменавання другіх адбыліся пэўныя змены, якія даведнік і рэгіструе.
Даведнік захоўвае пераемнасць у падыходах да ўнармавання беларускай айканіміі, ужытых у слоўніку Я. Рапановіча. Пры гэтым, паводле вызначэння саміх укладальнікаў, гэта даведнік новага пакалення. Важна найперш тое, што даведнік рэгіструе змены, якія адбыліся ў складзе беларускіх айконімаў з часу выхаду ў свет слоўніка Я. Рапановіча. У адрозненне ад слоўніка, які ўяўляе сабой у аснове сваёй тэзаўрус назваў населеных пунктаў, новае выданне кваліфікуецца як нарматыўны даведнік, г.зн. тут, акрамя падачы спісу назваў, звернута ўвага на нарматыўны бок іх падачы з улікам перагляду традыцый.